13 пытанняў да МА

Перейти вниз

13 пытанняў да МА Empty 13 пытанняў да МА

Ствараць тэмы автор Aliaksandra в Пт Студ 19, 2018 11:20 am

Хачу заявіць аб тым, што я сутыкнулася з праблемай адсутнасці выбару дзіцячага садка з беларускай мовай выхавання.
Пачынаючы са жніўня 2015 года, з моманту нараджэння сына, я прысвяціла шмат часу вывучэнню ўмоваў атрымання адукацыі ў розных садках Пухавіцкага раёна і садках горада Мінска.
Роднай мовай для майго сына з’яўляецца беларуская.  Канстутуцыя Беларусі гарантуе майму сыну,як грамадзяніну, выхаванне і навучанне на  роднай мове. Юрыдычна, у Беларусі дастатковая колькасць садкоў мае беларускую мову выхавання, альбо мае асобныя групы з беларускай мовай выхавання. На практыцы ж,  толькі 2 садкі з горадзе Мінску, можна даволі прыблізна назваць беларускамоўнымі. Такі стан рэчаў не адпавядае рэальнаму запыту сучасных бацькоў. Дзецям не забяспечана магчымасць выхавання і адукацыі на роднай мове.
Звароты па тлумачэнні ў розныя ўстановы дашкольнай адукацыі, не прынеслі плёну: адказаў альбо няма, альбо яны не вытрымліваюць крытыкі.
Звяртаюся да Вас з просьбай даць вычарпальныя тлумачэнні той негатыйнай сітуацыі, што склалася ў арганізацыі працэса дашкольнай адукацыі, наладжанай Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь і камітэтам па адукацыі Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта.
1. Як наладжаны працэс адсочвання запатрабаванасці ў беларускамоўным выхаванні ў дашкольных установах?
2. Ці існуе адпаведная статыстыка?
3. Якім чынам бацькі могуць выбраць мову выхавання, калі абіраюць садок?
4. Па якіх крытэрах садкам надаецца  юрыдычны статус “з беларускай мовай выхавання”?
5. Па якіх крытэрах адсочваецца якасць вядзення выхаваўчага працэсу на беларускай мове?
6. Чаму ў садках г. Мінска не існуе ясельных груп з беларускай мовай выхавання?
7. Якія захады прымаюцца Міністэрствам адукацыі дзеля матывавання выхавацеляў  да выкарыстання беларускай мовы ў працы?
8. Групы  фарміруюцца прыярытэтна па тэрытарыяльным прынцыпе, а значыць, у беларускамоўныя групы і садкі трапляюць  рускамоўныя дзеці і наадварот. Працытую словы прадстаўніка Міністэрства адукацыі, які апраўдвае адсутнасць беларускамоўных груп: “Пры адсутнасці дастатковай колькасці дзяцей для фарміравання асобнай групы ва ўстанове дашкольнай адукацыі ствараюцца ўсе неабходныя ўмовы для атрымання адукацыі на беларускай мове”. Ці значыць гэта, што да 25 дзяцей у групе выхавацелька павінна звяртацца “приятного аппетита”, а да аднаго ці двух “смачна есці”,ці наадварот? Якія канкрэтна ўмовы маюць быць створаныя ў такіх садках?
9. Мне не зразумела, чаму тэрытарыяльны прынцып  фарміравання груп пераважае над моўным, нават у выпадку фарміравання беларускамоўных груп і садкоў? Чаму рускамоўныя дзеці трапляюць ў беларускамоўныя групы і наадварот? У групе з беларускай мовай навучання можа быць 5 дзяцей з беларускамоўных сем’яў, столькі ж беларускамоўных дзяцей можа аказацца і ў рускамоўнай групе па прычыне недахопа месцаў у групе з беларускай мовай навучання.
10. Якія перашкоды існуюць на шляху стварэння дзяржаўнага садка з беларускай мовай навучання,групы якога фарміруюцца  па моўным прынцыпе?
11. Якія захады могуць зрабіць зацікаўленыя бацькі, каб у горадзе Мінску былі створаныя садкі з прыярытэтным моўным прынцыпам фарміравання груп?
12. Якім чынам  адказныя супрацоўнікі Міністэртсва адукацыі ацэньваюць псіхалагічны ўплыў на дзіцячую нервовую сістэму беларуска-рускіх моўных зносін дзяцей у садку, улічваючы, што для ўзросту дашкольнікаў характэрна станаўленне маўлення і няспеласць псіхікі?
13. Я разумею, што мода на беларускую мову заахвоціла шмат якіх рускамоўных бацькоў шукаць месца для сваіх дзяцей менавіта ў беларускамоўных групах, але чаму ў гэтым выпадку мая сям’я павінна быць ашуканай недасканалай арганізацыяй фарміравання груп?
Бачыцца лагічным, каб Міністэрства адукацыі Беларусі і Камітэт па адукацыі прыклалі пэўныя намаганні ў ініцыяванні шырокага грамадскага дыялогу, збору звестак і аналізу запатрабаванасці ў садках з беларускай мовай выхавання, і як вынік - стварэнні цалкам беларускамоўных садкоў у кожным раёне горада. Грамадства мяняе свае запыты і  Міністэрству адукацыі варта адчуваць і разумець іх.
У сваю чаргу магу запэўніць, што ўжо сёння існуе досыць вялікая супольнасць  бацькоў, зацікаўленых у плённай супрацы з Міністэрствам адукацыі ў кірунку паляпшэння якасці сістэмы дашкольных устаноў.
У адпаведнасці з Законам “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб” прашу падрабязна і па сутнасці адказаць на ўсе 13  пытанняў, пастаўленых у дадзеным звароце ў пісьмовым і электронным выглядзе ў вызначаны законам тэрмін.
З павагай,



МІНІСТЭРСТВА АДУКАЦЫІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
13.02.2018 № 02-02- 165-К- (0)-0

Накіроўваецца па электроннай
пошце
nastauka@ethno.by

Паважаная Анастасія!

У Міністэрстве адукацыі разгледжаны Ваш электронны зварот.
У межах кампетэнцыі паведамляем наступнае.
Па пытаннях 1, 3 і 6
У адпаведнасці з артыкулам 90 Кодэкса Рэспублікі Беларусь
аб адукацыі (далей – Кодэкс) мову навучання і выхавання ва ўстанове
адукацыі вызначае яе заснавальнік, а права грамадзян на выбар навучання
і выхавання на адной з дзяржаўных моў Рэспублікі Беларусь
забяспечваецца развіццём сеткі ўстаноў адукацыі (груп) з беларускай і
рускай мовамі навучання і выхавання.
Мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы адкрываюць установы
дашкольнай адукацыі, фарміруюць групы ва ўстановах дашкольнай
адукацыі, якія арганізуюць адукацыйны працэс на беларускай мове, на
падставе сацыяльнага заказу, з улікам пажаданняў бацькоў (законных
прадстаўнікоў непаўналетніх).
Па інфармацыі камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама (пісьмо
ад 31 студзеня 2018 г. № 6-4- 03/159), на пачатак 2017/2018 навучальнага
года ва ўстановах дашкольнай адукацыі г. Мінска з улікам пажаданняў
бацькоў (законных прадстаўнiкоў) непаўналетнiх функцыянуе 9 груп з
беларускай мовай навучання і выхавання для дзяцей ад двух да трох
гадоў.
Працэдура прадастаўлення месца ва ўстанову дашкольнай адукацыі,
якая існуе на дадзены момант, прадугледжвае як магчымасць пастаноўкі
на ўлік дзіцяці, якому неабходна наведваць установу дашкольнай
адукацыі, так і атрыманне накіравання ва ўстанову дашкольнай адукацыі
непасрэдна ў дзень звароту бацькоў (законных прадстаўнiкоў
непаўналетняга) у мясцовы выканаўчы і распарадчы орган (Указ
Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 красавіка 2010 г. № 200, пастанова
Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 16 жніўня 2011 г. № 234).
Пры пастаноўцы на ўлік і (або) пры атрыманні накіравання ва ўстанову
дашкольнай адукацыі бацькі (законныя прадстаўнiкі) непаўналетнiх

2

маюць права звярнуцца з пісьмовай заявай ці ў вуснай форме выказаць
сваё пажаданне аб мове навучання (рускай або беларускай) свайго дзіцяці.
Па пытанні 2
Статыстычная інфармацыя аб сістэме адукацыі знаходзіцца ў
адкрытым доступе на сайце Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь
(http://edu.gov.by / Сістэма адукацыі / Статыстыка).
Акрамя таго, азнаёміцца з інфармацыяй аб сістэме адукацыі можна
на сайце Нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь
(http://www.belstat.gov.by / Официальная статистика / Социальная сфера /
Образование).
Іншая статыстычная інфармацыя прызначана для службовага
карыстання.
Па пытаннях 4 і 5
Мова (мовы) навучання і выхавання, парадак кантролю за дзейнасцю
ўстановы адукацыі, парадак арганізацыі адукацыйнага і выхаваўчага
працэсаў вызначаюцца ў статуце ўстановы адукацыi (артыкул 22 Кодэкса).
Кантроль за забеспячэннем якасці адукацыі (праверку адпаведнасці
адукацыі адукацыйнаму стандарту, вучэбна-праграмнай дакументацыі
адукацыйных праграм, адукацыйнай дзейнасці патрабаванням
заканадаўства) упаўнаважаныя дзяржаўныя органы ажыццяўляюць
незалежна ад мовы навучання і выхавання ва ўстанове дашкольнай
адукацыі (артыкул 124 Кодэкса).
Па пытанні 7 
З мэтай пашырэння ўжывання беларускай мовы ва ўстановах
адукацыі Міністэрствам адукацыі рэалізуецца План мерапрыемстваў у
сістэме адукацыі па папулярызацыі і пашырэнні сферы выкарыстання
беларускай мовы ў жыцці грамадства на 2010 і наступныя гады.
У рамках дадзенага плану ва ўстановах дашкольнай адукацыі
рэалізуецца шырокае кола адпаведных мерапрыемстваў, у тым ліку:
распрацоўка і выпуск вучэбных выданняў на беларускай мове,
арганізацыя сустрэч з беларускімі пісьменнікамі, правядзенне віктарын,
літаратурных конкурсаў, тэматычных вечарын, прысвечаных творчасці
беларускіх пісьменнікаў, наведванне выхаванцамі краязнаўчых і
літаратурных музеяў, беларускамоўных тэатраў і іншае.
Дадаткова інфармуем, што ў адпаведнасці з артыкулам 196
Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь заахвочванне работнікаў за
дасягненні ў працы знаходзіцца ў кампетэнцыі наймальніка.
Па пытаннях 8-13 
Адной з асноўных задач дашкольнай адукацыі з’яўляецца далучэнне
выхаванцаў да агульначалавечых каштоўнасцей, фарміраванне

3

грамадзянскасці і нацыянальнай самасвядомасці, патрыятычных
пачуццяў, таму нават пры адсутнасці ва ўстанове дашкольнай адукацыі
групы з беларускай мовай навучання ствараюцца неабходныя ўмовы для
атрымання выхаванцамі адукацыі на беларускай мове.
У адпаведнасці з вучэбнай праграмай дашкольнай адукацыі з мэтай
развіцця моўных навыкаў, падтрымкі беларускамоўнага асяроддзя,
далучэння выхаванцаў да беларускай нацыянальнай культуры
выкарыстоўваюцца розныя формы спецыяльна арганізаванай (гульні,
заняткі) і нерэгламентаванай дзейнасці (гульні, экскурсіі, назіранні,
азнаямленне з мастацкай літаратурай, у тым ліку з фальклорам,
тэматычныя святы, вечарыны, гутаркі і іншае.
Распрацавана навукова-метадычнае забеспячэнне адукацыйнага
працэсу ва ўстановах дашкольнай адукацыі на рускай і беларускай мовах,
што дазваляе забяспечыць станаўленне цэласнай асобы выхаванца, яго
развіццё шляхам інтэграцыі ў дзве роднасныя культуры сродкамі
беларускай і рускай моў.
Адна з прыярытэтных задач устаноў дашкольнай адукацыі –
асобасна арыентаванае ўзаемадзеянне з сем’ямі выхаванцаў. Важнай
умовай яе рэалізацыі з’яўляецца выкарыстанне эфектыўных форм
узаемадзеяння, якія накіраваны на забеспячэнне максімальна спрыяльных
умоў для стварэння беларускамоўнага камунікатыўнага асяроддзя,
далучэння да беларускай нацыянальнай культуры. Гэтаму дапамагае ўдзел
бацькоў (законных прадстаўнікоў непаўналетніх) не толькі ў спецыяльна
арганізаванай і нерэгламентаванай дзейнасці выхаванцаў, але і ў такіх
формах работы, як тэматычныя тыдні, гасцёўні, сустрэчы з беларускімі
пісьменнікамі і супрацоўнікамі часопісаў, літаратурныя вечарыны,
экскурсіі (у тым ліку віртуальныя), выставы сумеснай творчасці дзяцей і
бацькоў, даследчыя праекты, акцыі, бацькоўскія сходы, семінары,
кансультацыі і прэзентацыі, бацькоўскія клубы, калектывы сумеснай
творчасці педагогаў і бацькоў, выданне часопісаў і газет для бацькоў і
выхаванцаў, размяшчэнне на сайтах устаноў адукацыі інфармацыі па
актуальных пытаннях выхавання, навучання і развіцця выхаванцаў на
беларускай мове. Разам з выкарыстаннем традыцыйных форм арганізацыі
працэсу ўзаемадзеяння ўстаноў дашкольнай адукацыі з сям’ёй асаблівую
актуальнасць набывае практыка іх правядзення ва ўмовах прымянення
рэсурсаў анлайн-зносін у сетцы Інтэрнэт.
Звяртаем Вашу ўвагу, што ўсякiя прывiлеi цi абмежаваннi правоў
асобы па моўных прыметах недапушчальныя. Публiчная знявага,
ганьбаванне дзяржаўных i iншых нацыянальных моў, стварэнне перашкод
i абмежаванняў у карыстаннi iмi, пропаведзь варожасцi на моўнай глебе
цягнуць устаноўленую законам адказнасць (артыкул 6 Закона аб мовах).

4

Адначасова інфармуем Вас, што нарматыўнымі прававымі актамі
прынцып замацавання жылых дамоў за пэўнай установай дашкольнай
адукацыі не ўстаноўлены.
У адпаведнасці з артыкулам 20 Закона Рэспублікі Беларусь
“Об обращениях граждан и юридических лиц” адказ Міністэрства
адукацыі можа быць абскарджаны ў суд у парадку, устаноўленым
заканадаўствам.

Намеснік Міністра Р.С.Сідарэнка

Aliaksandra

Кол-у паведамленняў : 118
Дата регистрации : 23/10/2017

Паглядзець профіль

Вярнуцца да пачатку Перейти вниз

Вярнуцца да пачатку


 
Права доступа к этому форуму:
Вы не можаце адказваць на паведамленні